Памер шрыфту
Чытаньне за 30 лістапада 2011:


2-е пасланьне да Салунянаў 2.1-12

1. Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,
2. не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.
3. Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,
4. які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.
5. Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?
6. І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.
7. Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, -
8. і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб'е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,
9. таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,
10. і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.
11. І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,
12. хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.

Евангельле паводле Лукаша 20.1-8

1. У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі
2. і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?
3. Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:
4. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?
5. А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
6. а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.
7. І адказвалі: ня ведаем адкуль.
8. Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.