Памер шрыфту
Чытаньне за 5 лістапада 2013:


2-е пасланьне да Салунянаў 1.10-2.2

10. калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню.
11. На тое і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас вартымі пакліканьня і ўчыніў усякую добрую ласку даброці і справу веры ў моцы.
12. Няхай праславіцца імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па мілаце Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
1. Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,
2. не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.

Евангельле паводле Лукаша 14.25-35

25. Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім:
26. калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем;
27. і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.
28. Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,
29. каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,
30. кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?
31. Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?
32. інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства - прасіць міру.
33. Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
34. Соль - добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе?
35. ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!