Памер шрыфту
Чытаньне за 4 лістапада 2013:


2-е пасланьне да Салунянаў 1.1-10

1. Павал і Сілуан і Цімафей - Фесаланіцкай Царкве ў Богу Айцы нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
2. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Заўсёды па справядлівасьці мы павінны дзякаваць Богу за вас, браты, бо ўзрастае вера вашая, і памнажаецца любоў кожнага адно да аднаго паміж усімі вамі.
4. так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасьцю вашай і вераю ва ўсіх ганеньнях і нягодах, якія вы пераносіце
5. у доказ таго, што будзе справядлівы суд Божы, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога вы і пакутуеце.
6. Бо праведна прад Богам - тым, хто вас зьневажае, плаціць смуткам,
7. а вам, каго зьневажаюць, радасьцю разам з намі, у прышэсьце Госпада Ісуса зь неба, з анёламі моцы Ягонай,
8. у полымным вагні таго, хто помсьціцца тым, што не спазналі Бога і не ўпакорваюцца зьвеставаньню Госпада нашага Ісуса Хрыста,
9. якія прымуць кару, вечную пагібель ад імя Госпада і ад славы магутнасьці Ягонай,
10. калі Ён прыйдзе праславіцца ў сьвятых Сваіх і зьявіцца дзівосным у дзень той усім вернікам, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню.

Евангельле паводле Лукаша 14.12-15

12. Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы.
13. Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
14. і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных.
15. Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з'есьць хлеба ў Царстве Божым!