Памер шрыфту
Чытаньне за 27 лістапада 2011:


Евангельле паводле Марка 16.1-8

1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.
2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ўбелыя шаты: і жахнуліся.
6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

Пасланьне да Эфэсянаў 2.14-22

14. бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне -
15. скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, - а закон запаведзяў - вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,
16. і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;
17. і, прыйшоўшы, «абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім»,
18. бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.
19. Дык вось, вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
20. уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
21. на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
22. на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.

Евангельле паводле Лукаша 13.10-17

10. У адной сынагозе Ён вучыў у суботу;
11. там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца.
12. Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад ндужы тваёй.
13. І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
14. Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні.
15. Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць?
16. а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні?
17. І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя.