Памер шрыфту
Чытаньне за 31 кастрычніка 2013:


1-е пасланьне да Салунянаў 5.1-8

1. А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,
2. бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.
3. Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.
4. Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;
5. бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры.
6. Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.
7. Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.
8. Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,

Евангельле паводле Лукаша 13.1-9

1. У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
2. Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?
3. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
4. Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?
5. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
6. І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
7. і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?
8. Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:
9. ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.