Памер шрыфту
Чытаньне за 23 лістапада 2011:


1-е пасланьне да Салунянаў 4.1-12

1. За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі,
2. бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса.
3. Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
4. каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,
5. а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;
6. каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь - мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.
7. Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці.
8. А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога.
9. Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго,
10. бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца
11. і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
12. каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.

Евангельле паводле Лукаша 18.15-17, 26-30

15. Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім.
16. Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае;
17. праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ўяго.
[...]
26. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?
27. Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.
28. А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
29. Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага,
30. і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага.