Памер шрыфту
Чытаньне за 22 лістапада 2011:


1-е пасланьне да Салунянаў 3.9-13

9. Якую падзяку можам мы ўзьнесьці Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся за вас перад Богам нашым,
10. ноч і дзень найруплівей молячыся за тое, каб бачыць аблічча ваша і дапоўніць, чаго не ставала веры вашай?
11. А Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Ісус Хрыстос хай скіруе шлях наш да вас.
12. А вас Гасподзь хай напоўніць любоўю ўзаемнай і да ўсіх, якою мы поўныя да вас,
13. каб умацаваць сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 17.26-37

26. І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
27. елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
28. Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29. але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
30. так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
31. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
32. успамінайце жонку Лотаву.
33. Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34. Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
35. дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
36. двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
37. На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.