Памер шрыфту
Чытаньне за 4 лістапада 2012:


Евангельле паводле Мацьвея 28.16-20

16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

Пасланьне да Эфэсянаў 2.4-10

4. Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
5. і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - мілатою вы ўратаваныя,
6. і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
7. каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
8. Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, - Божы дар:
9. не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
10. Бо мы - Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.

Евангельле паводле Лукаша 8.41-56

41. І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом,
42. бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго.
43. І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана, -
44. падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала.
45. І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, - і Ты кажаш: «хто дакрануўся да Мяне»?
46. Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне.
47. Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падыйшла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася.
48. Ён сказаў ёй: дзей, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
49. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзіць нехта з дому начальніка сынагогі ікажа яму: дачка твая памерла: не дакучай Настаўніку.
50. Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: ня бойся, толькі веруй, і ўратаваная будзе.
51. А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці.
52. Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, асьпіць.
53. І сьмяяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла.
54. А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: дзяўчына! устань!
55. І вярнуўся дух ейны; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есьці.
56. І зьдзівіліся бацькі ейныя. А Ён загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што сталася.