Памер шрыфту
Чытаньне за 19 лістапада 2011:


2-е пасланьне да Карынцянаў 8.1-5

1. Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;
2. бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;
3. бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі - я сьведка:
4. яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;
5. і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;

Евангельле паводле Лукаша 9.57-62

57. Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
58. Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя - гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
59. А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
60. Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.
61. Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
62. Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.