Памер шрыфту
Чытаньне за 26 кастрычніка 2013:


2-е пасланьне да Карынцянаў 8.1-5

1. Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;
2. бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;
3. бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі - я сьведка:
4. яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;
5. і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;

Евангельле паводле Лукаша 9.1-6

1. І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,
2. і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых
3. і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;
4. і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;
5. а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.
6. Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.