Памер шрыфту
Чытаньне за 18 лістапада 2011:


1-е пасланьне да Салунянаў 2.14-3.8

14. Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,
15. якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца,
16. якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта ўвесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца.
17. Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае.
18. І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана.
19. Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае?
20. Бо вы - слава наша і радасьць.
1. І таму, ня могучы болей трываць, мы захацелі застацца ў Афінах адны,
2. і паслалі Цімафея, брата нашага і службіта Божага і супрацоўніка нашага ў зьвеставаньні Хрыстовым, каб умацаваць вас і суцешыць у веры вашай,
3. каб ніхто не пахіснуўся ў смутках нашых; бо вы самі ведаеце, што так нам наканавана.
4. Бо мы і тады, калі былі ў вас, прадказвалі вам, што будзем пакутаваць, як і здарылася, і вы ведаеце.
5. Таму і я, не чакаючы болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас змусьціцель і ня сталася марнаю праца нашая.
6. А цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, хочучы нас бачыць, як і мы вас, -
7. дык мы, пры ўсім смутку і гароце нашай, суцешыліся з вамі, браты, дзеля вашай веры;
8. бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіце ў Госпадзе.

Евангельле паводле Лукаша 16.15-18

15. Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.
16. Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.
17. Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.
18. Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.