Памер шрыфту
Чытаньне за 16 лістапада 2011:


1-е пасланьне да Салунянаў 2.1-8

1. Вы самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што быў ён не бясплённы;
2. але хоць перад тым мы зазналі пакутаў і мелі зьнявагу ў Піліпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам Дабравесьце Божае зь вялікім подзьвігам.
3. Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстых намыслаў, ні хітрыны;
4. а, як Бог выпрабоўваў нас, даверыўшы нам зьвеставаньне, так мы і гаворым, дагаджаючы ня людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.
5. Бо ніколі ня было ў нас (перад вамі) ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка!
6. Ня шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых:
7. мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх.
8. Так мы, пра вас дбаючы, захацелі перадаць вам ня толькі Дабравесьце Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любаснымі.

Евангельле паводле Лукаша 15.1-10

1. Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
2. А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.
3. Але Ён сказаў ім наступную прытчу:
4. хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?
5. А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
6. і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.
7. Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.
8. Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
9. А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,
10. Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.