Памер шрыфту
Чытаньне за 15 лістапада 2011:


1-е пасланьне да Салунянаў 1.6-10

6. І вы пачалі пераймаць нас і Госпада, прыняўшы слова ў вялікіх смутках з радасьцю Духа Сьвятога,
7. так што вы зрабіліся ўзорам усім веруючым у Македоніі і Ахаі.
8. Бо ад вас пранеслася слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і па ўсіх усюдах прайшла слава пра веру вашую ў Бога, так што нам ні пра што ня трэба распавядаць.
9. Бо самі яны распавядаюць пра нас, які прыход мы мелі ў вас і як вы навярнуліся ад ідалаў да Бога, каб служыць Богу жывому і сапраўднаму
10. і чакаць зь нябёсаў Сына Ягонага, Якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.

Евангельле паводле Лукаша 14.25-35

25. Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім:
26. калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем;
27. і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.
28. Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдатакаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,
29. каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,
30. кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?
31. Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?
32. інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства - прасіць міру.
33. Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
34. Соль - добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе?
35. ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!