Памер шрыфту
Чытаньне за 21 кастрычніка 2013:


1-е пасланьне да Салунянаў 1.1-5

1.Павал і Сілуан і Цімафей Царкве Фесаланіцкай у Богу Айцы і Госпадзе Ісусе Хрысьце: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
2. Увесь час дзякуем Богу за ўсіх вас, спамінаючы вас у малітвах нашых,
3. няспынна памятаючы вашу дзею веры і працу любові і цярплівасьць спадзяваньня на Госпада нашага Ісуса Хрыста прад Богам і Айцом нашым,
4. ведаючы выбраньне ваша, любасныя браты;
5. бо наша зьвеставаньне ў вас было ня ў слове толькі, а і ў сіле, і ў Сьвятым Духу і з многімі сьведчаньнямі, як вы самі ведаеце, якія мы былі для вас паміж вамі.

Евангельле паводле Лукаша 11.29-33

29. А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;
30. бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.
31. Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.
32. Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.
33. Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.