Памер шрыфту
Чытаньне за 12 лістапада 2011:


2-е пасланьне да Карынцянаў 5.1-10

1. Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.
2. Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча;
3. толькі б нам і апранутым не апынуцца голымі.
4. Бо мы, пакуль у гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём.
5. На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
6. Дык вось, мы заўсёды лагодзімся; і як ведаем, што, пакуль сталюючыся ў целе, мы далёка да Госпада»
7. бо ходзім вераю, а ня бачаньнем,
8. дык мы лагодзімся і хочам лепей выйсьці зь цела і ўсталявацца ў Госпадзе,
9. і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму;
10. бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое.

Евангельле паводле Лукаша 9.37-43

37. А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.
38. Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:
39. яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;
40. я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.
41. А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.
42. І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.
43. І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім: