Памер шрыфту
Чытаньне за 11 лістапада 2011:


Пасланьне да Каласянаў 4.10-18

10. Вітае вас Арыстарх, увязьнены разам са мною, і Марк, нябож Варнаваў, - пра якога вы атрымалі наказы: як прыйдзе да вас, прымеце яго, -
11. таксама Ісус, называны Юстам, абодва з абрэзаных; яны - адзіныя супрацоўнікі для Царства Божага, яны былі мне на радасьць.
12. Вітае вас Эпафрас, раб Ісуса Хрыста, які заўсёды дабразычыць вам у малітвах, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу.
13. Сьведчу пра яго, што ён мае вялікую рупнасьць (і клопат) за вас і за тых, якія ў Лаадыкіі і Ераполі.
14. Вітае вас Лукаш, лекар любасны, і Дымас.
15. Вітайце братоў у Лаадыкіі, і Німфана, і хатнюю царкву ягоную.
16. Калі гэта пасланьне прачытана будзе ў вас, дык распарадзецеся, каб яно было прачытана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, якое з Лаадыкіі, прычытайце і вы.
17. Скажэце Архіпу: глядзі, каб табе выканаць служэньне, якое ты прыняў у Госпадзе.
18. Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце мае кайданы. Мілата з (усімі) вамі. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 13.31-35

31. У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
32. І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу;
33. а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
34. Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
35. Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!