Памер шрыфту
Чытаньне за 23 кастрычніка 2012:


Пасланьне да Каласянаў 2.20-3.3

20. Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхіяў сьвету, дык чаму вы, жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
21. «не чапай», «ня еж», «ня руш»,
22. што ўсё, тлее ад ужываньня, - згодна з запаведзямі і вучэньнем чалавечым?
23. Гэта мае толькі бачнасьць мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрай пакоры і тленьні цела, у пэўным заняхайваньні насычэньня плоці.
1. І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
2. пра вышыннае думайце, а не пра зямное.
3. Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу;

Евангельле паводле Лукаша 11.1-10

1. Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
2. Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: «Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,
3. як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;
4. і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога».
5. І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,
6. бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;
7. а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.
8. Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
9. І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
10. бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.