Памер шрыфту
Чытаньне за 21 кастрычніка 2012:


Евангельле паводле Яна 21.1-14

1. Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:
2. былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.
3. Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.
4. А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
5. Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.
6. А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.
7. Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, - бо ён быў голы, - і кінуўся ў мора;
8. а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, - бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, - цягнучы нерат з рыбаю.
9. А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.
10. Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
11. Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.
12. Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.
13. Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.
14. Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.

Пасланьне да Галятаў 2.16-20

16. аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.
17. Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, - дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!
18. Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.
19. Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,
20. і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.

Евангельле паводле Лукаша 16.19-31

19. Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.
20. Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах
21. і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.
22. Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;
23. і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
24. і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
25. Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
26. і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.
27. Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
28. бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.
29. Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.
30. А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
31. Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі бхто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.