Памер шрыфту
Чытаньне за 5 лістапада 2011:


2-е пасланьне да Карынцянаў 3.12-18

12. Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,
13. а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.
14. Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.
15. Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;
16. але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.
17. Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.
18. А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.

Евангельле паводле Лукаша 9.1-6

1. І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,
2. і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых
3. і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;
4. і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;
5. а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.
6. Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.