Памер шрыфту
Чытаньне за 4 лістапада 2011:


Пасланьне да Каласянаў 2.1-7

1. Хачу, каб вы ведалі, які подзьвіг нясу я за вас і за тых, што ў Лаадыкіі (і ў Ераполі), і за ўсіх, хто ня бачыў аблічча майго ў плоці,
2. каб усьцешыліся сэрцы іхнія, паяднаныя ў любові, каб узбагаціліся поўным разуменьнем дзеля дасканалага спазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
3. у Якім схаваны ўсе скарбы мудрасьці і веданьня.
4. Гэта кажу я дзеля таго, каб хто-небудзь ня зьвёў вас лісьлівымі словамі;
5. бо, хоць і няма мяне з вамі целам, затое духам я з вамі, радуючыся і сузіраючы вашае добрае ўладкаваньне і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.
6. А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так хадзеце і ў Ім,
7. укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся ў ёй з удзячнасьцю.

Евангельле паводле Лукаша 12.2-12

2. Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б.
3. Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў.
4. Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць;
5. а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся.
6. Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога.
7. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак.
8. Маўляю ж вам: кожнага, хто вызна Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі;
9. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі.
10. І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца.
11. А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць;
12. бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць.