Памер шрыфту
Чытаньне за 11 кастрычніка 2013:


Пасланьне да Каласянаў 2.1-7

1. Хачу, каб вы ведалі, які подзьвіг нясу я за вас і за тых, што ў Лаадыкіі (і ў Ераполі), і за ўсіх, хто ня бачыў аблічча майго ў плоці,
2. каб усьцешыліся сэрцы іхнія, паяднаныя ў любові, каб узбагаціліся поўным разуменьнем дзеля дасканалага спазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
3. у Якім схаваны ўсе скарбы мудрасьці і веданьня.
4. Гэта кажу я дзеля таго, каб хто-небудзь ня зьвёў вас лісьлівымі словамі;
5. бо, хоць і няма мяне з вамі целам, затое духам я з вамі, радуючыся і сузіраючы вашае добрае ўладкаваньне і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.
6. А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так хадзеце і ў Ім,
7. укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся ў ёй з удзячнасьцю.

Евангельле паводле Лукаша 10.1-15

1. Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці,
2. і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
3. Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
4. Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце.
5. У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!»
6. і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца;
7. а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом.
8. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць;
9. і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае».
10. А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:
11. «і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае».
12. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму.
13. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся;
14. але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам.
15. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся.