Памер шрыфту
Чытаньне за 3 лістапада 2011:


Пасланьне да Каласянаў 1.24-29

24. Сёньня радуюся ў цярпеньнях маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй скрухаў Хрыстовых за цела Ягонае, якое ёсьць Царква,
25. якой я зрабіўся службітом згодна з устанаўленьнем Божым, давераным мне для вас, каб выканаць слова Божае,
26. тайну, схаваную ад вякоў і родаў, а сёньня адкрытую сьвятым Ягоным,
27. якім дабараволіў Бог паказаць, якое багацьце славы ў тайне гэтай для язычнікаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,
28. Якога мы прапаведуем, настаўляючы на розум кожнага чалавека і навучаючы ўсялякай мудрасьці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе;
29. дзеля чаго я і працую і змагаюся сілай Ягонай, якая дзее ўва мне магутна.

Евангельле паводле Лукаша 11.47-12.1

47. Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя:
48. гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі.
49. Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб'юць, а другіх прагоняць;
50. хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
51. ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага.
52. Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі.
53. Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае,
54. цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.
1. Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.