Памер шрыфту
Чытаньне за 2 лістапада 2011:


Пасланьне да Каласянаў 1.18-23

18. І Ён ёсьць галава цела Царквы; Ён пачатак, першынец зь мёртвых, каб меў Ён ва ўсім першынства:
19. бо заўгодна было Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната,
20. і каб празь Яго замірыць з Сабою ўсё, устанавіўшы мір празь Яго, Крывёю крыжа ягонага, і зямное і нябеснае.
21. І вас, якія калісьці былі адчужаныя і ворагі думкамі, і схільнасьцю да ліхіх учынкаў,
22. цяпер замірыў у целе плоці Ягонай, сьмерцю (Ягонай), каб явіць вас сьвятымі і беззаганнымі і невінаватымі перад Сабою,
23. калі толькі вы цьвёрдыя і непахісныя ў веры і не адпадаеце ад надзеі зьвеставаньня, якое вы чулі, якое абвешчана ўсім стварэньням паднябесным, якому я, Павал, зрабіўся слугою.

Евангельле паводле Лукаша 11.42-46

42. але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
43. Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах.
44. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы - як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго.
45. На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш.
46. Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.