Памер шрыфту
Чытаньне за 15 кастрычніка 2012:


Пасланьне да Філіпянаў 4.10-23

10. Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.
11. Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:
12. умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.
13. Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.
14. Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.
15. Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;
16. вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.
17. Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.
18. Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, - салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.
19. Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.
20. А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.
21. Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
22. Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.
23. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 9.18-22

18. Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
19. Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя - за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
20. А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
21. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,
22. сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.