Памер шрыфту
Чытаньне за 29 верасьня 2016:


Пасланьне да Філіпянаў 1.12-27

12. Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,
13. так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,
14. і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
15. Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:
16. адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;
17. а другія - зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.
18. Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,
19. бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,
20. пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.
21. Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак.
22. А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.
23. Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;
24. а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:
25. і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,
26. каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.
27. Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.

Евангельле паводле Лукаша 5.33-39, 6.12-19

33. А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?
34. Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?
35. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.
36. Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.
37. І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
38. а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.
39. І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.
[...]
12. У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
13. А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх іназваў апосталамі:
14. Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
15. Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
16. Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.