Памер шрыфту
Чытаньне за 11 кастрычніка 2012:


Пасланьне да Філіпянаў 3.1-8

1. У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.
2. Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;
3. бо абразаньне - мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;
4. хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,
5. абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона - фарысэй,
6. а ў руплівасьці - ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона - беззаганны.
7. Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.
8. Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,

Евангельле паводле Лукаша 9.7-11

7. Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
8. другія - што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
9. І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
10. Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
11. Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.