Памер шрыфту
Чытаньне за 2 кастрычніка 2013:


Пасланьне да Філіпянаў 2.24-30

24. Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
25. Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй,
26. бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу.
27. Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы.
28. Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны.
29. Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане,
30. бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне.

Евангельле паводле Лукаша 8.22-25

22. Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся.
23. У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
24. І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня.
25. Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?