Памер шрыфту
Чытаньне за 25 кастрычніка 2011:


Пасланьне да Філіпянаў 2.17-23

17. Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас;
18. за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
19. Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам.
20. Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас;
21. бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту.
22. А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні.
23. І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною.

Евангельле паводле Лукаша 11.1-10

1. Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
2. Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: «Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,
3. як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;
4. і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога».
5. І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,
6. бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;
7. а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.
8. Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
9. І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
10. бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.