Памер шрыфту
Чытаньне за 7 кастрычніка 2012:


Евангельле паводле Яна 20.11-18

11. А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
12. і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
14. Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла - стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
15. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
16. Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! - што азначае: Настаўнік!
17. Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
18. Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.

2-е пасланьне да Карынцянаў 11.31-12.9

31. Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, дабраславёны навекі, ведае, што я не маню.
32. У Дамаску абласны правіцель цара Арэты пільнаваў горад Дамаск, каб схапіць мяне; і я ў кашы быў спушчаны з вакна па сьцяне і пазьбег ягоных рук.
1. Няма карысьці хваліцца мне; бо я прыйду да відзежаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
2. Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму назад, - ці ў целе, ня ведаю, ці ня ў целе, ня ведаю: Бог ведае, - захоплены быў да трэйцяга неба.
3. І ведаю пра такога чалавека, - толькі ня ведаю - у целе, ці па-за целам: Бог ведае, -
4. што ён быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалавеку нельга пераказаць.
5. Такім чалавекам магу хваліцца; а сабою не пахвалюся, хіба што немачамі маімі.
6. Урэшце, калі захачу хваліцца, ня буду неразумны, бо скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым колькі ўва мне бачыць, альбо чуе ад мяне.
7. І каб я не заганарыўся нязвычайнасьцю адкрыцьцяў, дадзена мне джала ў плоць, пасланец сатаны, тлуміць мяне, каб я не ганарыўся.
8. Тройчы маліў я Госпада за тое, каб адвёў яго ад мяне.
9. Але Гасподзь сказаў мне: «досыць табе мілаты Маёй, бо сіла Мая зьдзяйсьняецца ў немачы». І таму я найболш ахвоча буду хваліцца сваімі немачамі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстовая.

Евангельле паводле Лукаша 7.11-16

11. Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.
12. Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.
13. Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.
14. І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.
15. Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
16. І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.