Памер шрыфту
Чытаньне за 22 кастрычніка 2011:


1-е пасланьне да Карынцянаў 15.58-6.3

58. Дык вось, браты любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам.
1. Як можа каторы з вас, маючы зыскі да іншага, судзіцца перад бязбожнымі, а ня перад сьвятымі?
2. Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вы будзеце судзіць сьвет, дык ці ж вы ня вартыя судзіць менш важныя справы?
3. Хіба ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, дык ці ня тым болей справы жыцьцёвыя?

Евангельле паводле Лукаша 7.2-10

2. У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.
3. Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў - прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.
4. І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта,
5. бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу.
6. Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
7. таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой;
8. бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
9. Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
10. Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым.