Памер шрыфту
Чытаньне за 5 кастрычніка 2012:


Пасланьне да Філіпянаў 1.27-2.4

27. Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.
28. і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам - выратаваньня. І гэта ад Бога;
29. бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.
30. Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.
1. Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць,
2. дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя;
3. нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.
4. Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых.

Евангельле паводле Лукаша 7.31-35

31. Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
32. яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.
33. Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е; і кажаце: «у ім дэман».
34. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».
35. І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.