Памер шрыфту
Чытаньне за 30 верасьня 2012:


Евангельле паводле Яна 20.1-10

1. У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;
2. і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.
3. Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
4. яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,
5. і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.
6. Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.
7. і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.
8. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;
9. бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.
10. І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.

2-е пасланьне да Карынцянаў 9.6-11

6. Пры гэтым (скажу): хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
7. Хай кожны ўзычвае, як сэрца ягонае прыхіляе, а ня з прыкрасьцю і ня з прынукаю; бо Бог любіць таго, хто самахоць дае з радасьцю.
8. А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усякаю мілатою, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсякія добрыя дзеі,
9. як напісана: «рассыпаў, раздаў убогім; праўда ягоная трывае вавекі».
10. А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб на ежу, дасьць і шчодрасьць пасеянаму вамі і памножыць плады праведнасьці вашай,
11. так, каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчадроту, якая праз нас узносіць падзяку Богу.

Евангельле паводле Лукаша 6.31-36

31. І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі.
32. І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?
33. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.
34. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.
35. А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі ‹сявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.
36. Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.