Памер шрыфту
Чытаньне за 16 кастрычніка 2011:


Евангельле паводле Яна 20.1-10

1. У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;
2. і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.
3. Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
4. яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,
5. і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.
6. Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.
7. і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.
8. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;
9. бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.
10. І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.

2-е пасланьне да Карынцянаў 9.6-11

6. Пры гэтым (скажу): хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
7. Хай кожны ўзычвае, як сэрца ягонае прыхіляе, а ня з прыкрасьцю і ня з прынукаю; бо Бог любіць таго, хто самахоць дае з радасьцю.
8. А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усякаю мілатою, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсякія добрыя дзеі,
9. як напісана: «рассыпаў, раздаў убогім; праўда ягоная трывае вавекі».
10. А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб на ежу, дасьць і шчодрасьць пасеянаму вамі і памножыць плады праведнасьці вашай,
11. так, каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчадроту, якая праз нас узносіць падзяку Богу.

Евангельле паводле Лукаша 8.5-15

5. Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
6. а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;
7. а іншае ўпала паміж цернямі, і вырасла церне і заглушыла яго;
8. а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла плод стакротны. Сказаўшы гэта, абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
9. А вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: што азначала прытча гэтая?
10. Ён сказаў: вам дадзена ведаць таямніцы Божага Царства, а астатнім у прытчах, так што яны бачачы - ня бачаць і чуючы - не разумеюць.
11. Вось што азначае прытча гэтая: насеньне ёсьць слова Божае;
12. а што ўпала пры дарозе, гэта ёсьць слухачы, да якіх пасьля прыходзіць д'ябал і забірае слова з сэрца іхняга, каб яны ня ўверавалі і не ўратаваліся,
13. а што ўпала на камень, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прымаюць з радасьцю, але якія ня маюць кораня і часова веруюць, а ў час спакушэньня адпадаюцца;
14. а што ўпала ў церне, гэта тыя, якія слухаюць слова, але, адыходзячы, турботамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі заглушаюцца і плоду ня родзяць:
15. а што ўпала на добрую зямлю, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, асяляюць яго ў добрым і чыстым сэрцы і родзяць плод у цярплівасьці. Сказаўшы гэта, Ён абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!