Памер шрыфту
Чытаньне за 15 кастрычніка 2011:


1-е пасланьне да Карынцянаў 15.39-45

39. Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак.
40. Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя: але інакшая слава ў нябесных, інакшая ў зямных;
41. інакшая слава ў сонца, інакшая слава ў месяца, інакшая ў зорак; і зорка ад зоркі розьніцца славаю.
42. Так і пры ўваскрэсеньні мёртвых; сеецца ў тленьні, паўстае ў нятленьні;
43. сеецца ў няславе, паўстае ў славе; сеецца ў немачы, паўстае ў сіле;
44. сеецца цела душэўнае, паўстае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, ёсьць цела і духоўнае.
45. Так і напісана: «першы чалавек Адам стаўся душою жывою»; а апошні Адам ёсьць дух жыватворчы.

Евангельле паводле Лукаша 6.1-10

1. У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі.
2. А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу?
3. Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?
4. як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім?
5. І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
6. А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая.
7. А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
8. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.
9. Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.
10. І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.