Памер шрыфту
Чытаньне за 14 кастрычніка 2011:


Пасланьне да Эфэсянаў 6.18-24

18. усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых
19. і за мяне, каб мне дадзена было слова - вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,
20. дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.
21. А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,
22. якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
23. Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
24. Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 9.12-18

12. А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.
13. Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.
14. Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
15. І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
16. А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.
17. І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.
18. Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?