Памер шрыфту
Чытаньне за 13 кастрычніка 2011:


Пасланьне да Эфэсянаў 5.33-6.9

33. Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.
1. Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.
2. Шануй бацьку твайго і маці - гэта першая запаведзь з абяцаньнем:
3. «Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі».
4. І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.
5. Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,
6. ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,
7. служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,
8. ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.
9. І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.

Евангельле паводле Лукаша 9.7-11

7. Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
8. другія - што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
9. І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
10. Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
11. Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.