Памер шрыфту
Чытаньне за 17 верасьня 2013:


Пасланьне да Эфэсянаў 5.20-26

20. дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
21. слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.
22. Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
23. бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос - галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.
24. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
25. Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
26. каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;

Евангельле паводле Лукаша 5.12-16

12. Калі Ісус быў у адным горадзе, прыйшоў чалавек увесь у праказе і, убачыўшы Ісуса, упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
13. Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу праказа сышла зь яго.
14. І Ён загадаў яму нікому не расказваць, а пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
15. Але тым болей шырыліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сьцякалася да Яго - слухаць і ацаляцца ў Яго ад хваробаў сваіх.
16. А Ён адыходзіў у пустэльныя мясьціны і маліўся.