Памер шрыфту
Чытаньне за 22 верасьня 2012:


1-е пасланьне да Карынцянаў 14.20-25

20. Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліхое будзьце немаўляты, а розумам будзьце паўналетнія.
21. У законе напісана: «іншымі мовамі й вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюцца Мяне, кажа Гасподзь».
22. Так што мовы - азнака ня вернікам, а няверуючым; а прароцтва - не для няверуючых, а для вернікаў.
23. Калі ўся царква сыдзецца разам і ўсе пачнуць гаварыць незнаёмымі мовамі, і ўвойдуць да вас недасьведчаныя альбо няверуючыя, - дык ці ня скажуць, што вы шалееце?
24. А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе хто няверуючы альбо недасьведчаны, дык усе яго выкрываюць, усе судзяць,
25. і такім чынам тайны сэрца ягонага выяўляюцца; і ён падае ніцма, кланяецца Богу і кажа: «у ісьціне з вамі Бог!».

Евангельле паводле Лукаша 4.31-36

31. І прыйшоў у Капернаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у дні суботнія.
32. І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо слова Ягонае было з уладаю.
33. Быў у сынагозе чалавек, які меў у сабе духа дэмана нячыстага, і той закрычаў зычным голасам:
34. кінь; што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, Хто Ты, - Сьвяты Божы.
35. Ісус загразіў яму, сказаўшы: замоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, паваліўшы таго пасярэдзіне сынагогі, выйшаў зь яго, ані не пашкодзіўшы яму.
36. І напала на ўсіх жудасьць, і разважалі паміж сабою; што гэта азначае, што Ён з уладаю і сілаю загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?