Памер шрыфту
Чытаньне за 8 кастрычніка 2011:


1-е пасланьне да Карынцянаў 14.20-25

20. Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліхое будзьце немаўляты, а розумам будзьце паўналетнія.
21. У законе напісана: «іншымі мовамі й вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюцца Мяне, кажа Гасподзь».
22. Так што мовы - азнака ня вернікам, а няверуючым; а прароцтва - не для няверуючых, а для вернікаў.
23. Калі ўся царква сыдзецца разам і ўсе пачнуць гаварыць незнаёмымі мовамі, і ўвойдуць да вас недасьведчаныя альбо няверуючыя, - дык ці ня скажуць, што вы шалееце?
24. А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе хто няверуючы альбо недасьведчаны, дык усе яго выкрываюць, усе судзяць,
25. і такім чынам тайны сэрца ягонага выяўляюцца; і ён падае ніцма, кланяецца Богу і кажа: «у ісьціне з вамі Бог!».

Евангельле паводле Лукаша 5.27-32

27. Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.
28. І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
29. І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі.
30. А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце іп'яце з мытнікамі і грэшнікамі?
31. А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
32. Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.