Памер шрыфту
Чытаньне за 7 кастрычніка 2011:


Пасланьне да Эфэсянаў 4.17-25

17. Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
18. бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
19. яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
20. Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
21. бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, - бо ісьціна ў Ісусе, -
22. пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
23. а абнавіцца духам розуму вашага
24. і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
25. Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.

Евангельле паводле Лукаша 7.31-35

31. Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
32. яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.
33. Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е; і кажаце: «у ім дэман».
34. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».
35. І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.