Памер шрыфту
Чытаньне за 4 кастрычніка 2011:


Пасланьне да Эфэсянаў 2.19-3.7

19. Дык вось, вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
20. уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
21. на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
22. на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.
1. Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.
2. Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,
3. таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, - пра што я і вышэй коратка пісаў, -
4. дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,
5. якая не была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),
6. каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,
7. слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.

Евангельле паводле Лукаша 6.37-45

37. Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце;
38. давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.
39. Сказаў таксама ім прытчу: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не абодва ўпадуць у яму?
40. Вучань ня бывае вышэй за свайго настаўніка; але, удасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік ягоны.
41. Што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў сваім воку не адчуваеш?
42. Альбо, як можаш сказаць брату твайму: «браце! дай, я выму парушынку з вока твайго», калі сам ня бачыш калоды ў сваім воку! Крывадушнік! вымі сьпярша калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
43. Няма добрага дрэва, якое б радзіла благі плод; і няма благога дрэва, якое б радзіла плод добры.
44. Бо ўсякае дрэва пазнаецца з плоду ягонага; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўніку, і ня зьбіраюць вінаграду з хмызьняку.
45. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек зь ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад лішніцы сэрца маўляюць вусны ягоныя.