Памер шрыфту
Чытаньне за 29 верасьня 2011:


Пасланьне да Эфэсянаў 1.1-9

1. Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:
2. мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах,
4. бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові,
5. наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас празь Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй,
6. на хвалу славы мілаты Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным,
7. у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця мілаты Ягонай,
8. якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,
9. адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім,

Евангельле паводле Лукаша 6.12-19

12. У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
13. А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх іназваў апосталамі:
14. Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
15. Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
16. Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.