Памер шрыфту
Чытаньне за 28 верасьня 2011:


Пасланьне да Галятаў 6.2-10

2. Насеце цяжары адно аднаго, і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы.
3. Бо хто лічыць, што ён нешта такое, калі ён нішто, той ашуквае самога сябе.
4. Кожны няхай правярае сваю дзею, і тады мецьме пахвалу толькі ў сабе, а ня ў іншым,
5. бо кожны панясе свой цяжар.
6. Той, каго настаўляюць словам, дзяліся ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.
7. Ня крывеце душою: Бог паганьбёны ня бывае. Што пасее чалавек, тое і сажне:
8. хто сее ў плоць сваю, ад плоці пажне прахласьць; а хто сее ў Дух, ад Духа пажне жыцьцё вечнае.
9. Робячы дабро, ня струджваймася: бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем.
10. Дык вось, пакуль ёсьць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.

Евангельле паводле Лукаша 5.33-39

33. А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?
34. Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?
35. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.
36. Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.
37. І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
38. а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.
39. І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.