Памер шрыфту
Чытаньне за 19 верасьня 2011:


Пасланьне да Галятаў 2.11-16

11. Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
12. Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
13. Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
14. Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?
15. Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
16. аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.

Евангельле паводле Лукаша 3.19-22

19. А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,
20. дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.
21. А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба,
22. і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!