Памер шрыфту
Чытаньне за 10 жніўня 2016:


2-е пасланьне да Карынцянаў 9.12-10.7

12. Бо справа служэньня гэтага ня толькі дапаўняе ўбогасьць сьвятых, але нараджае ў многіх удзячнасьць Богу;
13. бо, бачачы досьвед у гэтым служэньні, яны славяць Бога за пакору вызнаванаму вамі Дабравесьцю Хрыстоваму і за шчырую супольнасьць зь імі і з усімі,
14. молячыся за вас, па прыхільнасьці да вас, за шчодра сутную ў вас мілату Божую.
15. Дзякуй Богу за нявымоўны дар Ягоны!
1. А сам я, Павал, асабіста сьціплы сярод вас, а здалёку супроць вас адважны, пераконваю вас лагодаю і мілажальнасьцю Хрыстовай.
2. Прашу вас, каб, калі прыйду да вас, не давялося мне адважна ўжываць тую цьвёрдую адвагу, якую думаю ўжыць супроць некаторых, якія думаюць пра нас, быццам мы ўчыняем па плоці.
3. Бо мы, ходзячы ў плоці, не па плоці змагаемся.
4. Зброя нашага змаганьня ня плоцкая, а моцная Богам на руйнаваньне цьвярдыняў: імі мы абвяргаем намыслы
5. і ўсякую ганарлівасьць, што паўстае супроць пазнаньня Божага, і палонім усякія задумы на паслушнасьць Хрысту;
6. і гатовыя пакараць любую непаслушнасьць, калі вашая паслушнасьць зьдзейсьніцца.
7. Ці на асобу зважаеце? Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той сам па сабе хай мяркуе, што, калі ён Хрыстовы, дык і мы Хрыстовыя.

Евангельле паводле Марка 3.20-27

20. Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці.
21. І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе.
22. А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя.
23. І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану?
24. Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое;
25. і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той;
26. і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны.
27. Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны.