10. Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне; а смутак зямны чыніць сьмерць. 11. Бо тое, што вы засмуціліся дзеля Бога, глядзеце, якую абудзіла ў вас руплівасьць, якія перапросіны, якую абуранасьць вінаватымі, які страх, якое жаданьне, якую дбайнасьць, якое спагнаньне! І ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе. 12. Дык вось, калі я пісаў вам, дык ня дзеля зьняважніка і ня дзеля зьняважанага, а каб вам адкрыўся наш пільны клопат пра вас перад Богам. 13. Таму мы суцешыліся ўцехаю вашай; а яшчэ болей узрадаваныя мы Цітавай радасьцю, што вы ўсе супакоілі дух ягоны; 14. і вось, я не застаўся пасаромлены, калі трохі пахваліўся вамі перад ім; але як што вам мы гаварылі ўсю праўду, так і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю; 15. і сэрца ягонае вельмі прыхільнае да вас, калі згадвае ён пакорлівасьць вашу, як вы яго прынялі былі са страхам і трымценьнем. 16. І вось радуюся, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.
Евангельле паводле Марка 2.18-22
18. Вучні Янавыя і фарысэйскія пасьцілі. Прыходзяць да Яго і кажуць: чаму вучні Янавыя і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць? 19. І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьціць сыны харомаў шлюбных, калі зь імі малады? Пакуль зь імі малады, ня могуць пасьціць; 20. але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціць у тыя дні. 21. Ніхто да старое адзежыны ня прышывае латкі зь нябеленага палатна: інакш зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая. 22. Ніхто ня ўлівае віна маладога ў мяхі старыя: інакш маладое віно парве мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя.