1. Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так: 2. былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных. 3. Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога. 4. А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус. 5. Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма. 6. А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы. 7. Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, - бо ён быў голы, - і кінуўся ў мора; 8. а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, - бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, - цягнучы нерат з рыбаю. 9. А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб. 10. Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі. 11. Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка. 12. Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь. 13. Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу. 14. Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.
1-е пасланьне да Карынцянаў 4.9-16
9. Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей. 10. Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе. 11. Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся, 12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем; 13. клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль. 14. Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх. 15. Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем. 16. Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.
Евангельле паводле Мацьвея 17.14-23
14. І калі прыйшлі яны да люду, падышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад Ім, 15. сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду; 16. я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго. 17. А Ісус сказаў у адказ: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне сюды. 18. І забараніў яму Ісус; і выйшаў зь яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую жхвіліну. 19. Тады вучні, прыступіўшы да Ісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго? 20. А Ісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам. 21. Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам. 22. У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Ісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя, 23. і заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне. І засмуціліся яны вельмі.